Пра неабходнасць далейшага прасоўвання і развіцця палітыкі рэформ і адкрытасці – да 40-годдзя з пачатку рэвалюцыйных пераўтварэнняў у Кітаі
  2018-01-03 09:42:04  cri  [  Паслаць сябру ] [  Раздрукаваць ]    [ шрыфт : A A A ]  

Зазіраць у будучыню заўсёды цікава. Даведацца пра будучыню самай населенай краіны свету і адной з найбуйнейшых сусветных дзяржаў цікава ўдвая. Але калі гэта краіна – адзін з галоўных вашых гандлёвых партнёраў, то такая цікаўнасць пераходзіць у разрад неабходнасці.

Сёння ў розных рэгіёнах Кітая створана ўсебаковая, шырокая і шматступеньчатая структура адкрытасці знешняму свету. Кітай, будуючы свае планы на бліжэйшую пяцігодку або на аддаленую будучыню, вялікую ўвагу надае каардынаванаму развіццю эканомікі, палітыкі, культуры і грамадства. Вялікае асваенне заходніх раёнаў, на якое цэнтральны кітайскі ўрад кідае ўсе сілы і рэсурсы, мае глыбокае і перспектыўнае значэнне для будучыні краіны. Кітай заняты распрацоўкай стратэгіі і плана развіцця заходніх раёнаў у адпаведнасці з генеральнай стратэгіяй іх асваення, і цалкам магчыма, што праз адно-два дзесяцігоддзі найбольш перадавыя і развітыя раёны возьмуць на сябе ролю маяка, што паказвае шлях да знешняга рынку, росту валютных даходаў ад экспарту, запазычання перадавых тэхналогій і іншых галін. Мэта простая і зразумелая: стварэнне вялікага Заходняга Кітая з квітнеючай эканомікай, палітычна стабільнага, з выдатным ландшафтам і развітой культурай. Гэта цалкам адпавядае генеральнай мэце будаўніцтва заможнай і квітнеючай, дэмакратычнай і цывілізаванай сацыялістычнай дзяржавы.

Самая яркая асаблівасць новага перыяду – рэформы і адкрытасць. Іх мэты заключаюцца ў разняволенні і развіцці прадукцыйных сіл, ажыццяўленні мадэрнізацыі краіны, забеспячэнні заможнага ўзроўню жыцця насельніцтва і адраджэнні вялікай кітайскай нацыі. Правядзенне палітыкі рэформ і адкрытасці таксама мае на мэце самаўдасканаленне і развіццё сацыялізму з кітайскай спецыфікай.

Палітыка адкрытасці знешняму свету пачала планамерна ажыццяўляцца ўрадам у 1978 г. разам з рашэннем аб рэфармаванні эканамічнай сістэмы. Пачынаючы з 1980 г. у Кітаі адзін за адным былі створаны пяць асаблівых эканамічных раёнаў – у Шэньчжэне, у Чжухае і Шаньтоу правінцыі Гуандун, у Сямэне правінцыі Фуцзянь і ў правінцыі Хайнань. У 1984 г. статус «адкрытых» набылі 14 прыморскіх гарадоў: Далянь, Ціньхуандаа, Цяньцзінь, Яньтай, Ціндаа, Ляньюньган, Наньтун, Шанхай, Нінбо, Вэньчжоу, Фучжоу, Гуанчжоу, Чжаньцзян і Бэйхай. З 1985 г. адна за другой былі адкрыты зоны эканамічнага асваення ў дэльце рэк Янцзы і Чжуцзян, у эканамічным трохвугольніку на поўдні правінцыі Фуцзянь, на паўвостраве Шаньдун і Ляадун, у правінцыі Хэбэй і Гуансі-Чжуанскім аўтаномным раёне. Так сфарміравалася прыморская паласа адкрытасці.

Некалькі гадоў таму, праз месяц пасля завяршэння 18 з'езда Кампартыі Кітая, новаабраны генеральны сакратар ЦК КПК Сі Цзіньпін адправіўся з Пекіна ў Шэньчжэнь – у рэгіён, адкуль пачыналася кітайская эканамічная рэформа. Ён усклаў вянок да бронзавай статуі Дэн Сяапіна і сказаў: «Рашэнне Цэнтральнага камітэта партыі пачаць рэформы і адкрытасць было правільным. З гэтага дня мы працягнем рухацца па правільным шляху, які дазволіць нарасціць дзяржаўную моц Кітая і павысіць дабрабыт народа. І мы дасягнем яшчэ большых поспехаў». У сваіх выказваннях Сі Цзіньпін аддаў належнае папярэднікам і выказаў намер вывесці палітыку рэформ і адкрытасці на новы шлях.

Для сучаснага Кітая вельмі важна дакладна вызначыць напрамкі развіцця рэформ і абудзіць у грамадскасці станоўчае стаўленне да іх працягу. Урад павінен дапамагчы сучаснай кітайскай моладзі адчуць упэўненасць у сваёй прафесійнай будучыні і выклікаць адчуванне датычнасці да глабальных пераўтварэнняў у краіне, узмацніць пачуццё згуртаванасці і адзінства, нацыянальнай ідэнтычнасці. Сі Цзіньпін у кнізе «Аб дзяржаўным кіраванні» адзначыў, што кітайская эканоміка мае шырокія перспектывы развіцця. «Кітай мае намер цвёрда прытрымлівацца палітыкі рэформ і адкрытасці, паскараць тэмпы трансфармацыі мадэлі развіцця, няўхільна кіравацца курсам на пашырэнне адкрытасці знешняму свету, працягваць ствараць для замежных прадпрыемстваў больш спрыяльныя ўмовы і асяроддзе», – адзначыў кітайскі лідар, асабліва падкрэсліўшы той факт, што эканамічная мадэрнізацыя – гэта і ёсць прыярытэтны напрамак рэформ, якія адбываюцца ў КНР.

Эканамічны ўздым Кітая ў канцы мінулага стагоддзя стаў адной з найбольш важных падзей у свеце. За амаль 40 гадоў сістэмна-структурных і сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў ва ўмовах сацыялізму з кітайскай спецыфікай КНР дамаглася грандыёзных поспехаў у сацыяльна-эканамічным развіцці і стварыла канкурэнтаздольную эканоміку, якая і ва ўмовах глабальнага крызісу забяспечвала высокія тэмпы эканамічнага росту. У новага кіраўніцтва хопіць смеласці і рашучасці адправіцца ў шлях па хвалях небяспечных вод і пераадолець усе ідэалагічныя перашкоды.

Кітай стварыў знішчальнік пятага пакалення J-20, пасажырскі авіялайнер С919, запусціў у космас людзей, сфатаграфаваў адваротны бок Месяца, стварыў самы хуткі ў свеце суперкамп'ютар «Цяньхэ»... Дзякуючы палітыцы рэформ і адкрытасці апошніх дзесяцігоддзяў уклад Кітая ў сусветную эканоміку, культуру, палітычную стабільнасць – велізарны. І цяжка ўявіць, што можа знайсціся сіла, здольная прымусіць Кітай звярнуць з вызначанага шляху.

(Р.Мышкоўскі, сайт МРК-анлайн на беларускай мове)

каменціраваць
Міністэрства абароны Кітая правяло ўрачысты прыём з нагоды 92-й гадавіны НВАК
Паездка Лі Кэцяна ва Узбекістан і Тайланд умацуе сувязі і супрацоўніцтва паміж краінамі ШАС і ва Усходняй Азіі
© China Radio International.CRI. All Rights Reserved.
16A Shijingshan Road, Beijing, China. 100040