Беларусь прадстаўлена Нацыянальным павільёнам на Восьмай пекінскай арт-біенале ў Нацыянальным мастацкім музеі Кітая
  2019-09-03 15:27:47  cri  [  Паслаць сябру ] [  Раздрукаваць ]    [ шрыфт : A A A ]  

"Маляўнічы свет і сумесная будучыня" – такую канцэпцыю і назву мае сёлетняя 8-я Пекінская Арт-біенале, урачыстае адкрыццё якой адбылося сёння ў Нацыянальным мастацкім музеі Кітая ў яго сталіцы. Беларусь упершыню за гісторыю гэтага фестывалю творчасці мае асобны ўласны павільён, у якім прадстаўлены зрэз сучаснага мастацтва краіны. З 30-га жніўня па 20-га верасня 8-я Пекінская арт-біенале дэманструе 113 краін-удзельніц, 640 творчых прац 595 мастакоў, сярод якіх 446 твораў – замежныя, а 194 – мясцовыя.

"У асобным беларускім павільёне прадстаўлены работы 13 айчынных творцаў,што выкананы ў лепшых традыцыях акадэмічнай школы нашага мастацтва, якая абапіраецца на аўтэнтычныя традыцыі народнай культуры і ўлічвае найноўшыя тэндэнцыі сучаснай культуры.

Казімір Малевіч, сусветна вядомы беларускі мастак адзначаў, што "карціну трэба бачыць і чуць". Дзякуючы прысутнасці разнастайных аўтарскіх светапоглядаў у адной экспазіцыі, кожны глядач можа сёння здзейсніць падарожжа ў свет сучаснага мастацтва Беларусі, убачыць, пачуць і адчуць, што асноўныя яго тэмы сугучны агульнасусветным гуманістычным ідэалам – прыгажосці, гармоніі, каштоўнасці чалавечага жыцця і веры ў дабрыню," – адзначыў падчас сваёй прамовы на ўрачыстасці Надзвычайны і паўнамоцны Пасол Беларусі Кірыл Руды.

Нацыянальны павільён Рэспублікі Беларусь прадстаўляе працы трынаццаці беларускіх мастакоў, выкананыя ў лепшых традыцыях акадэмічнай школы беларускага выяўленчага мастацтва, з апорай на аўтэнтычныя традыцыі народнай культуры і улікам найноўшых тэндэнцый сучаснага мастацтва. У павільёне рэспублікі Беларусь прадстаўлены 25 работ наступных мастакоў: Адам Глобус, Захар Кудзін, творчае аб'яднанне Дэкатэка (Вера Ягоўдзік, Вольга Конева, Юлія Карзунова), Вольга Орсік, Андрэй Асташоў, Аляксандр Шапо, Ілона Касабука, Юрый Якавенка, Сяргей Сялецкі, Таццяна Радзівілка, Сяргей Грыневіч. Сярод экспанатаў - жывапіс, ручная і тыражная графіка, скульптура, ткацтва.

Экспазіцыя – гэта шырокая стылявая панарама, якая паказвае розныя пакаленні беларускага мастацтва, што сфарміравалі сваю мастацкую мову ў розных умовах і гістарычных перыядах. Старэйшае пакаленне - Адам Глобус, Сяргей Грыневіч, Ілона Касабука, Юрый Якавенка, Таццяна Радзівілка, Сяргей Грыневіч, Сяргей Сялецкі, Андрэй Асташоў, Аляксандр Шапо - належаць да пакалення 50-70-х гг. ХХ стагоддзя, якія прайшлі да гэтага моманту доўгі творчы шлях і прадстаўляюць спелае сучаснае мастацтва Беларусі. Іх мастацкае бачанне нараджалася ў 90-я гады - пераломны момант сучаснай гісторыі Беларусі. Гэты час набыцця Беларуссю новай ідэнтычнасці незалежнай дзяржавы, фарміравання эканамічных і сацыяльных умоў, адкрыцця межаў і доступу да ведаў пра заходняе сучаснае мастацтва. Кожны з прадстаўленых аўтараў сфармаваў свой стыль падчас змен, абапіраючыся на акадэмічную савецкую школу жывапісу, вырасціўшы ўласныя канцэптуальныя рашэнні, сэнсавыя і стылявыя акцэнты. Іх працы дэманструюць асноўныя тэндэнцыі сучаснага беларускага мастацтва, якое бярэ свой пачатак у 80-90-х гадах XX стагоддзя.

Маладыя мастакі - Захар Кудзін, творчае аб'яднанне Дэкатэка (Вера Ягоўдзік, Вольга Конева, Юлія Карзунова), Вольга Орсік - прадстаўляюць пакаленне 90-х, сучасную мастацкую мову і тэматычную позву сучаснага мастацтва. Іх працы ўключаюць беларускае мастацтва ў постмадэрнісцкі кантэкст з дапамогай гульні з вобразамі народнай і сусветнай культуры і мастацтва.

Арганізацыю Беларускага павільёна ўзяла на сябе ХО- гэлеры, Пасольства Беларусі ў Кітаі, Міністэрства культуры Беларусі. Выстава будзе дэманстравацца ў Нацыянальным Мастацкім музеі Кітая да 20 верасня.

Вольга Гальпяровіч

каменціраваць
Міністэрства абароны Кітая правяло ўрачысты прыём з нагоды 92-й гадавіны НВАК
Паездка Лі Кэцяна ва Узбекістан і Тайланд умацуе сувязі і супрацоўніцтва паміж краінамі ШАС і ва Усходняй Азіі
© China Radio International.CRI. All Rights Reserved.
16A Shijingshan Road, Beijing, China. 100040