Прамова Сі Цзіньпіна на надзвычайным саміце лідараў G20
  2020-03-27 10:42:34  cri  [  Паслаць сябру ] [  Раздрукаваць ]    [ шрыфт : A A A ]  

Старшыня КНР Сі Цзіньпін сёння ў Пекіне выступіў з прамовай "Сумесная барацьба з эпідэміяй і пераадоленне цяжкасцяў агульнымі намаганнямі" на надзвычайным саміце лідараў G20 па COVID-19, які адбыўся па відэасувязі.

Сі Цзіньпін падзякаваў каралю Саудаўскай Аравіі Салману і за праведзеную вялікую работу ў частцы камунікацыі і каардынацыі, якая зрабіла магчымым правядзенне гэтага саміту, і сказаў: "Сутыкнуўшыся з выбліскам COVID-19, кітайскі ўрад і кітайскі народ не страцілі сілу духу, калі ўзяліся за гэту каласальную задачу. З самага першага дня нашай барацьбы з эпідэміяй мы ставім жыццё і здароўе людзей на першае месца. Мы дзейнічаем у адпаведнасці з агульнапрызнанымі прынцыпамі, якія заключаюцца ва ўмацаванні даверу, узмацненні адзінства, забеспячэнні навукова абгрунтаванага кантролю і лячэння, а таксама ўжыванні мэтанакіраваных мер. Мы мабілізавалі ўсю нацыю, стварылі механізмы калектыўнага кантролю і лячэння, дзейнічалі адкрыта і празрыста. Тое, за што мы змагаліся, было народнай вайной супраць эпідэміі. Мы ўступілі ў жорсткую барацьбу і панеслі велізарныя ахвяры. Зараз сітуацыя ў Кітаі устойліва развіваецца ў станоўчым напрамку. Жыццё і праца імкліва вяртаюцца да нармальнага рэжыму. Тым не менш, мы ні ў якім разе не страцім нашу пільнасць і не паслабім кантроль. У самы цяжкі час у нашай барацьбе з успышкай эпідэміі Кітай атрымаў падтрымку і дапамогу ад шматлікіх удзельнікаў сусветнай супольнасці. Такія праявы дружбы назаўсёды застануцца ў памяці. Сур'ёзнае інфекцыйнае захворванне з'яўляецца ўсеагульным ворагам. Пакуль мы гаворым, вірус COVID-19 распаўсюджваецца па ўсім свеце, ствараючы пагрозу для жыцця і здароўя, а таксама спараджаючы сур'ёзныя праблемы для глабальнай бяспекі ў галіне грамадскай аховы здароўя. Сітуацыя выклікае трывогу і занепакоенасць. У такі момант міжнароднай супольнасці неабходна ўмацоўваць веру ва ўласныя сілы, праяўляць адзінства і працаваць разам, каб даць калектыўны адпор. Мы павінны ўсебакова актывізаваць міжнароднае супрацоўніцтва і забяспечыць большую ўзгодненасць, каб чалавецтва магло атрымаць перамогу ў бітве з такім сур'ёзным інфекцыйным захворваннем.

У сувязі з гэтым я хацеў бы прадставіць чатыры прапановы.

Па-першае, мы павінны быць рашучымі ў вядзенні агульнасусветнай вайны супраць COVID-19. Супольнасць дзяржаў павінна дзейнічаць імкліва, каб спыніць распаўсюджанне віруса. У сувязі з гэтым я прапаную як мага хутчэй правесці нараду міністраў аховы здароўя краін G20, каб палепшыць абмен інфармацыяй, умацаваць супрацоўніцтва ў галіне распрацоўкі прэпаратаў, вакцын і супрацьэпідэмічнага кантролю, а таксама спыніць трансгранічнае распаўсюджанне інфекцыі. Члены G20 павінны разам дапамагаць краінам, якія развіваюцца, са слабымі сістэмамі грамадскай аховы здароўя павышаць гатоўнасць і патэнцыял рэагавання. Я высоўваю ініцыятыву G20 па аказанні дапамогі ў сувязі з COVID-19 з мэтай паляпшэння абмену інфармацыяй і каардынацыі палітычных мер і дзеянняў пры падтрымцы Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. Кіруючыся бачаннем фарміравання супольнасці адзінага лёсу чалавецтва, Кітай як ніколі гатовы дзяліцца сваёй перадавой практыкай, праводзіць сумесныя даследаванні і распрацоўкі прэпаратаў і вакцын, а таксама аказваць дапамогу, дзе гэта магчыма, краінам, якія пацярпелі з-за ўспышкі эпідэміі.

Па-другое, нам варта дзейнічаць разам і вывесці пытанні кантролю і лячэння на міжнародны ўзровень. Вірус не прызнае межаў. Успышка інфекцыі, з якой мы змагаемся -- гэта наш агульны вораг. Усе мы павінны разам працаваць над стварэннем самай трывалай, якую толькі бачыў свет, глабальнай сеткай кантролю і лячэння. Кітай заснаваў анлайн-базу ведаў па COVID-19, даступную для ўсіх краін. Важна, каб усе краіны аб'ядналі свае сілы і паскорылі распрацоўку і ўкараненне лекаў, вакцын і тэставых сістэм у спадзяванні ў бліжэйшы час дамагчыся вынікаў, якія прынясуць карысць усім нам. Патрэбны і дыскусіі, якія датычацца фарміравання рэгіянальных экстраных механізмаў сувязі, якія зробяць магчымым больш хуткае рэагаванне на надзвычайныя сітуацыі ў галіне аховы здароўя.

Па-трэцяе, трэба падтрымаць міжнародныя арганізацыі ў іх дзейнасці. Кітай падтрымлівае СААЗ, якая ўзначаліла агульнасусветныя намаганні па распрацоўцы навукова абгрунтаваных, якасных метадаў кантролю і лячэння і памяншэння распаўсюджання інфекцыі праз дзяржаўныя межы. Я заклікаю членаў "Групы 20" палепшыць пры падтрымцы СААЗ перадачу інфармацыі, якая тычыцца барацьбы з эпідэміяй, і распаўсюджваць поўныя, сістэматычныя і эфектыўныя пратаколы кантролю і лячэння. У якасці платформы для зносін і каардынацыі "Група 20" можа спрыяць пашырэнню дыялогу і абменаў па пытанні палітычных рашэнняў, могуць своечасова праводзіцца сустрэчы на высокім узроўні, прысвечаныя бяспецы міжнароднай сістэмы аховы здароўя. Што тычыцца Кітая, то мы будзем рады далучыцца да астатніх краін і ўзмацніць падтрымку адпаведных міжнародных і рэгіянальных арганізацый.

Па-чацвёртае, нам варта палепшыць міжнародную каардынацыю ў пытаннях макраэканамічных рашэнняў. Успышка захворвання парушыла вытворчасць і попыт па ўсім свеце. Дзяржавам неабходна аптымізаваць і каардынаваць свае рашэнні ў сферы макраэканомікі для пераадолення негатыўных фактараў і прадухілення спаду эканомікі. Мы павінны праводзіць пераканаўчую і эфектыўную фіскальную і крэдытна-грашовую палітыку, каб захаваць у цэлым стабільнасць курсаў нашых валют. Мы павінны лепш каардынаваць фінансавае рэгуляванне, каб захаваць стабільнасць сусветных фінансавых рынкаў. Мы павінны разам падтрымліваць стабільнасць вытворчых ланцужкоў у сусветным маштабе. Што Кітай гатовы зрабіць у гэтым кірунку: павялічыць пастаўкі на міжнародны рынак актыўных фармацэўтычных субстанцый, тавараў паўсядзённага попыту, вырабаў для барацьбы з эпідэміяй і іншай прадукцыі. Акрамя таго, мы павінны абараніць жанчын, дзяцей, пажылых, асоб з абмежаванымі магчымасцямі здароўя і іншыя ўразлівыя групы насельніцтва, забяспечыць асноўныя патрэбы людзей. Кітай працягне прытрымлівацца фіскальнай палітыкі на апярэджанне і абачлівай крэдытна-грашовай палітыкі. Мы будзем і далей праводзіць палітыку рэформаў і адкрытасці, пашыраць доступ да рынку, паляпшаць дзелавое асяроддзе і пашыраць імпарт тавараў і інвестыцыі, каб унесці свой уклад у стабілізацыю сусветнай эканомікі. Я хачу заклікаць усіх членаў "Групы 20" дзейнічаць сумесна: скарачаць пошліны, зносіць бар'еры і спрыяць свабоднаму гандлю. Разам мы можам паслаць адназначны сігнал і аднавіць давер дзеля ажыўлення глабальнай эканомікі. "Група 20" павінна накрэсліць план дзеянняў і неадкладна стварыць механізмы ўзаемадзеяння і арганізацыйныя структуры для каардынацыі макраэканамічных рашэнняў у барацьбе з наступствамі эпідэміі.

Паважаныя калегі, надышоў крытычна важны момант, калі мы павінны змагацца і дзейнічаць з усёй магчымай хуткасцю. Я перакананы, што шляхам салідарнасці і ўзаемадапамогі мы пераадолеем гэту эпідэмію і сустрэнем новую светлую будучыню для ўсяго чалавецтва!" - Р -

каменціраваць
Міністэрства абароны Кітая правяло ўрачысты прыём з нагоды 92-й гадавіны НВАК
Паездка Лі Кэцяна ва Узбекістан і Тайланд умацуе сувязі і супрацоўніцтва паміж краінамі ШАС і ва Усходняй Азіі
© China Radio International.CRI. All Rights Reserved.
16A Shijingshan Road, Beijing, China. 100040