Ціхая затока Чжоу Цзінсіня
  2019-01-18 15:23:44  cri  [  Паслаць сябру ] [  Раздрукаваць ]    [ шрыфт : A A A ]  

У традыцыйнай кітайскай оперы акцэнт робіцца на змесце; таксама і кітайскі традыцыйны жывапіс сеі ў свабоднай манеры адлюстроўвае ўсё самае лепшае, што ёсць у жыцці. Мастак Чжоу Цзінсінь (周京新) любіць кітайскую традыцыйную оперу. Больш за тое, ён яе малюе. У 1983 годзе, з'яўляючыся студэнтам Нанкінскага мастацкага інстытута, ён пачаў маляваць персанажаў оперы «Рачныя затокі» («水滸組畫») у карыкатурнай манеры. Захапіўшыся, ён цалкам паглыбіўся ў працэс. Праз год дыпломны праект Чжоу Цзінсіня – цыкл карцін на тэму оперы «Рачныя затокі» – стварыў сапраўдную сенсацыю ў мастацкіх колах Кітая.

«У працэсе малявання я не магу абсалютна дакладна вызначыць месца кожнага персанажа на паперы. Я думаю, у гэтым няма неабходнасці, бо я крочу за сваімі ўласнымі пачуццямі і не магу перанесці ўсю сцэну, нічога не змяняючы, на карціну. Тым больш, я не вельмі ўхваляю дакладнае капіраванне оперы, калі ўсё што адбываецца на сцэне, мастак дакладна пераносіць на паперу. Я малюю тую частку спектакля, якая мае найбольшую выразнасць, і я раблю гэта з вялікай доляй гумару. Рэакцыя грамадскасці на маю дыпломную працу моцна мяне здзівіла. Я атрымаў некалькі ўзнагарод, даваў шмат інтэрвію. Нават не чакаў, што ўсе будуць так мяне падтрымліваць».

Цыкл карцін на тэму «Рачных заток» 25-гадовага Чжоу Цзінсіня атрымаў сярэбраны медаль на 6-й кітайскай мастацкай выставе. Атрымаўшы ўзнагароду, Чжоу Цзінсінь адразу ж стаў папулярным.

«Я вырашыў, што павінен дамагчыся поспеху ў жывапісу, асабліва ў стылі сеі. Ён мне вельмі падыходзіць. Я разумеў, што працягваць у стылі «Рачных заток» не змог бы доўга – яшчэ дзесяць ці дваццаць карцін, і гэта максімум. Ніякай навізны, няма нічога такога хвалюючага, што мне хацелася б даследаваць. Працуючы ў стылі сеі, я ўвесь час разважаю аб пытаннях, якія вярэдзяць маю душу, і вось гэтыя пытанні падтрымліваюць маё натхненне. Прырода дае нам адчуць тое, што складае яе сутнасць, яе нязменныя законы. У традыцыйным кітайскім жывапісу асаблівы акцэнт робіцца на тым, што чалавек – частка прыроды, менавіта гэтаму мы і павінны вучыцца. Старажытная мова тушы і пэндзля пакінула пасля сябе шмат таямніц. Я думаю, што пошукі адказаў на гэтыя загадкі – вельмі каштоўныя. Напрыклад, пасля дынастыі Сун у моду ўвайшла лаканічнасць. Лепшымі сталі лічыцца карціны, намаляваныя двума-трыма ўзмахамі пэндзля. Сцісласць стала лічыцца вяршыняй майстэрства. Але няўжо карціны з вялікай колькасцю дэталяў павінны страціць сваю мастацкую каштоўнасць? Ніколі ў гэта не паверу. Калі малюеш з натуры, ты нібы вядзеш прамы рэпартаж з гарачай кропкі планеты. Гэта ўжо не вучэнні, а сапраўдная вайна. Калі малюеш з натуры, ты павінен дакладна разумець, што ты робіш, трэба імкнуцца раскрыць прыгажосць самога жыцця, нешта спрадвечнае, першабытнае. Адшукаўшы гэта пачуццё, я разумею, як яго перадаць на паперы».

На думку мастака, маляванне з натуры – вельмі жывы працэс. Розныя невядомыя, непрадказальныя вобразы ўносяць у яго карціны асаблівы сэнс. Кітайскі жывапіс надае вялікую ўвагу тэхніцы. Але тэхніка малявання тушшу – гэта нешта асаблівае, яна жыве па строгіх законах, дазваляючы час ад часу парушаць ўмоўнасці.

«Стыль сеі – духоўны змест, перададзены тушшу. Уласны мастацкі почырк – гэта ўжо сталасць, нешта моцнае, каштоўнае. Гэта не проста сыравіна, здабытая з нетраў з жыцця. Я думаю, духам стылю сеі, яго ключавым складнікам з'яўляецца каліграфія. Каліграфія – такія ж карціны, як і жывапіс, вось толькі замест іх сюжэтаў – іерогліфы і словы. Сярод розных асаблівасцей мастацкай мовы кітайскага жывапісу, сярод шматлікіх яе інструментаў вада і туш адыгрываюць вельмі важную ролю. Туш без вады – застылая субстанцыя, у тушы без вады няма лёгкіх, яна не можа дыхаць, яна не здольна мяняцца і ствараць нешта жывое. Я не вельмі ўхваляю тэхніку, калі мастак, адзін раз апусціўшы пэндзаль у туш, імкнецца на адным дыханні намаляваць усё ад пачатку да канца. Я думаю, у гэтым няма ніякай каштоўнасці. Тое, як часта ты апускаеш пэндзаль у туш, нічога не значыць. Аднак вялікае значэнне мае дакладнасць: калі я малюю, я заўсёды сачу, колькі бяру на пэндзаль вады і колькі тушы. Падчас малявання трэба дазволіць тушы, вадзе, паперы і пэндзлю свабодна ўзаемадзейнічаць адно з адным».

У перыяд праўлення дынастыі Усходняя Хань чаляднік Кун Дань у памяць пра свайго настаўніка Цай Луна вырашыў вырабіць высакаякасную паперу, якой можна было б абклеіць партрэт настаўніка. Ён дабраўся да поўдня правінцыі Аньхой, і там, на беразе ракі ўбачыў блакітнае сандалавае дрэва. Узрадаваны, Кун Дань выкарыстаў яго для вырабу сюаньчэнскай паперы, якая праз многія стагоддзі стала незаменнай у жывапісу. У Кітаі наогул прынята лічыць, што аркуш высакаякаснай паперы – гэта амаль гатовая карціна, якую варта дапоўніць некалькімі мазкамі тушы. Калі мастак не можа ацаніць або адчуць бесподобную тэкстуру сюаньчэнскай паперы, ён яе абавязкова сапсуе. Чжоу Цзінсінь не падзяляе паперу на дрэнную і добрую, ён бачыць розніцу адно ў яе шчыльнасці. Мяккая папера змушае мастака працаваць у хуткім рытме. Калі малюеш на ёй, ты быццам увязаны ў балоце: нельга спыняцца! Жорсткая папера прымушае рухацца павольна, так, нібы караскаешся на стромую скалу.

«Папера – твой партнёр і саюзнік. Калі хочаш дамагчыся поспеху, ты павінен абапірацца на яе. Часам ты павінен абыходзіцца з ёй жорстка, а часам – абачліва, дараваць ёй недахопы. Калі ў цябе нарадзіліся да паперы асаблівыя пачуцці, асаблівыя эмоцыі, яна аддзячыць цябе. Галоўны абавязак мастака – дамагчыся поспеху ў тэхнічным баку жывапісу. Калі тэхніка дасягае пэўных вышынь, да яе натуральным чынам дадаецца і дух. Я лічу, што мова пэндзля і тушы, якую я выкарыстоўваю ў партрэтным жывапісу, можна прымяняць у маляванні кветак і птушак, надаўшы ёй зусім іншы смак. Або ў пейзажным жывапісу. Вось так, гуляючы з тэмамі, я адкрыў для сябе вялікую колькасць новых кропак погляду. Для мяне гэта новая ступень свабоды, новы размах, больш глыбокі змест. Сфарміраваўшы ўласны стыль, мастак абавязаны даць аўдыторыі хаця б мінімальнае ўяўленне пра яго, каб ён стаў вядомым, як становіцца вядомым акцёр пасля фільма. Усё роўна, што ён там іграў, усе яго роўна запамінаюць. Вось так і мае карціны: мой стыль павінен быць вядомы. І калі я малюю птушак, кветкі, людзей або дрэвы, усе павінны адчуваць у маіх карцінах нешта знаёмае».

(Р. Мышкоўскі, Медыякарпарацыя Кітая, сайт МРК-анлайн на беларускай)

каменціраваць
Міністэрства абароны Кітая правяло ўрачысты прыём з нагоды 92-й гадавіны НВАК
Паездка Лі Кэцяна ва Узбекістан і Тайланд умацуе сувязі і супрацоўніцтва паміж краінамі ШАС і ва Усходняй Азіі
© China Radio International.CRI. All Rights Reserved.
16A Shijingshan Road, Beijing, China. 100040