Ні Чуньлінь – Ад складанага да простага
  2019-01-24 17:24:32  cri  [  Паслаць сябру ] [  Раздрукаваць ]    [ шрыфт : A A A ]  

«Я шмат падарожнічаў, каб пісаць з натуры, але на лёсавым плато Шэньбэя ўсё ж упершыню. Ступіўшы на гэту жоўтую зямлю, я адразу быў узрушаны яе бязмежнасцю і сілай і паддаўся ўплыву матываў народных песень...»

Ні Чуньлінь (倪春林) – мастак Маладзёжнага мастацкага інстытута Кітайскай акадэміі жывапісу і дацэнт факультэта традыцыйнага кітайскага жывапісу Мастацкага інстытута Хэбэйскага педагагічнага ўніверсітэта. Яго жывапіс адрозніваецца тонкай манерай пісьма з насычанымі адценнямі. Ні Чуньлінь – у нястомным пошуку.

«Я шукаю нейкі знак, які ўвасабляе нацыянальную культуру, можа зліцца са мной і па-сапраўднаму сутыкнуцца з маімі пачуццямі, каб праз мае карціны ён сапраўды мог узрушваць людзей. Я думаю, што такія мастацкія працы могуць праўдзіва адлюстраваць гэту мясцовасць і тамтэйшых людзей. Пасродкам назірання я хачу адлюстраваць духоўнае аблічча сучаснага Шэньбэя з характэрнымі рысамі і ўнутраным зместам, а таксама знешняе аблічча шэньбэйцаў і іх нацыянальную культуру».

Ні Чуньлінь упершыню прыехаў на лёсавае плато глыбокай восенню. Далячынь, якая адкрылася позірку, была аднастайнага жоўтага колеру і міжволі выклікала адчуванне бязлюднасці. У глыбіні высокіх гор хаваюцца дамы-пячоры "яадуны". Гэтыя старажытныя паселішчы амаль абязлюдзелі – на сельскай сцежцы калі-нікалі можна сустрэць толькі старых, якія нарадзіліся і выраслі тут. З гэтымі мясцінамі іх звязваюць цесныя повязі. Глыбокая павага, якую адчувае да іх Ні Чуньлінь, дапамагае мастаку ствараць поўныя жыццёвай сілы карціны. У працах Ні Чуньліня персанаж малюецца або грубым контурным накідам, або мяккімі рыскамі стылю гунбі. Якімі б прыёмамі ні карыстаўся мастак, усе яны перадаюць настрой і пачуцці, укладзеныя ў працу.

«Я думаю, у мастака пачуцці стаяць на першым месцы. Форму і колер можна стварыць любымі іншымі спосабамі, але пачуцці абстрактныя. Нават самыя дробныя змяненні ва ўспрыманні або смакавых адчуваннях выклічуць эмацыянальныя змены, якія, у сваю чаргу, адаб'юцца ў карціне. Калі ў працы няма эмоцый, яна не знойдзе водгуку ў гледача. Калі ты сам не перажываеш эмоцыі, то як выклічаш іх у кагосьці? Гэта і ёсць сутнасць прыроды жывапісу. Я спрабую маляваць карціны ў стылі гунбі з багатымі адценнямі на сырой сюаньчэнскай паперы. Я хачу знайсці баланс паміж энергіяй, выразнасцю і багаццем стылю гунбі і манахромным жывапісам, каб узбагаціць змест карціны і павысіць яе прывабнасць. Гэты спосаб выказвання, на мой погляд, параўнальна прасцейшы. Калі я малюю Хуанхэ, то заўсёды разам з людзьмі, бо калі ты проста намалюеш рэчышча ракі і некалькі гор, то складана будзе перадаць сувязь з гісторыяй і паваротамі лёсу. З Хуанхэ адбывалася шмат гісторый, звязаных з культурай, ландшафтам. У кожны гістарычны перыяд іх было вельмі шмат. Я добра малюю людзей. Я мог бы выбраць гістарычную падзею, пэўнага персанажа ці групу людзей – лодачнікаў на рацэ, працоўных на дамбе. Гэтыя людзі – героі нашага часу, яны пішуць гісторыю. Я спрабую знайсці такі сімвал, які мог бы выказаць дух нацыянальнай культуры і зліцца разам з маімі пачуццямі, каб падчас працы над карцінай ён мог абудзіць мае жаданні, знайсці водгук у сэрцах. Я думаю, што ў добрага мастака павінна быць шмат прыхільнасцей у творчасці; ён павінен эксперыментаваць. У спешцы не створыш добрую карціну, таму што карціна павінна збірацца паступова. Пераход ад складанага да простага – непазбежная стадыя развіцця ўсіх жывапісцаў. Спачатку яны спрабуюць выказаць ўсё на свеце, затым ідуць далей. Памяняўшы нешта ў сабе, яны абавязкова знойдуць уласны напрамак».

(Р. Мышкоўскі, МРК-анлайн на беларускай, Медыякарпарацыя Кітая)

каменціраваць
Міністэрства абароны Кітая правяло ўрачысты прыём з нагоды 92-й гадавіны НВАК
Паездка Лі Кэцяна ва Узбекістан і Тайланд умацуе сувязі і супрацоўніцтва паміж краінамі ШАС і ва Усходняй Азіі
© China Radio International.CRI. All Rights Reserved.
16A Shijingshan Road, Beijing, China. 100040