31 кастрычніка ў Шанхаі прэм'ер Дзяржсавета КНР Вэнь Цзябаа абвясціў аб закрыцці 184-дзённай Сусветнай універсальнай выставы ЭКСПА-2010.
На цырымоніі закрыцця віцэ-прэм'ер Дзяржсавета КНР, кіраўнік Аргкамітэта выставы Ван Цішань адзначыў, што ЭКСПА ў Шанхаі прадэманстравала дасягненні чалавецтва. 246 краін і міжнародных арганізацый правялі паспяховую, выдатную і незабыўную выставу.
Генеральны сакратар Міжнароднага выставачнага бюро Вісэнтэ Гансалес Ласерталес даў высокую ацэнку арганізацыі ЭКСПА-2010. Ён адзначыў, што гэта выстава – вялікі поспех, значны ўклад у правядзенне сусветных выстаў, а яе дэвіз «Лепшы горад – лепшае жыццё» будзе ўвасабляцца ў рэчаіснасці.
Прадстаўнік Аргкамітэта ЭКСПА-2010 у Шанхаі перадаў сцяг Міжнароднага выставачнага бюро прадстаўніку з Мілана, дзе пройдзе ЭКСПА-2015.
ЭКСПА-2010 у Шанхаі стала першай Сусветнай выставай, якая праводзілася ў краіне, што развіваецца. З 1-га мая выставу наведалі больш за 73 млн. чалавек. У ёй прынялі ўдзел 246 краін і міжнародных арганізацый. На ЭКСПА-2010 былі прадстаўлены ўнікальныя павільёны, паказаны перадавыя навукова-тэхнічныя дасягненні і прайшоў цэлы шэраг культурных мерапрыемстваў. Выстава прадэманстравала перадавую канцэпцыю розных краін свету ў забеспячэнні ўстойлівага развіцця.
На цырымоніі закрыцця многія вядомыя кітайскія майстры культуры і прадстаўнікі краін-удзельніц ЭКСПА-2010 паказалі яркае і запамінальнае шоу. - 0 -