У старажытнасці кітайцы бралі лекі з навакольнай прыроды. Так была створана арыгінальная кітайская медыцына, якая, у сваю чаргу, цесна звязана з харчаваннем. У Кітаі кажуць, што лячэбная ежа лепш за лекі, а лячэнне дыетай лепш за звычайнае лячэнне. Як у старажытнасці, так і ў нашы дні лячэнне дыетай лічыцца "цудам" кітайскай культуры харчавання.
Ужо ў эпоху Чжоу (1046 - 256 гг. да н.э.) у Кітаі склалася традыцыя спалучэння медыцыны і кухні. У старажытных кнігах шмат гаворыцца пра лячэнне дыетай. Як адзначаў знакаміты лекар Сунь Сымяа (581 - 682 гг.), здароўе чалавека павінна засноўвацца на правільным харчаванні. Хворым нельга прымаць лекі самавольна, а лекары павінны патлумачыць прычыну захворвання і лячыць, перш за ўсё, дыетай, а ўжо потым лекавымі сродкамі. У Кітаі традыцыйны спосаб падрыхтоўкі лячэбнай ежы грунтуецца менавіта на думцы Сунь Сымяа, які, дарэчы, пражыў больш за сто гадоў. Дзякуючы гэтаму факту, людзі верылі яго тэорыям.
Лячэнне дыетай – гэта метад, накіраваны на лячэнне хваробы з дапамогай ежы. У Кітаі ўсім вядома, што агародніна і некаторыя іншыя прадукты харчавання выкарыстоўваюцца для прафілактыкі і лячэння хвароб. Калі нехта ў сям'і прастудзіўся, то яму даюць выпіць гарачы адвар з імбіру і жоўтага цукру. Гэты спосаб лячэння вельмі дзейсны і ў нашы дні, калі можна купіць лякарства практычна ад любой хваробы. Для падтрымання здароўя людзі звычайна днём ядуць імбір, а вечарам – рэдзьку.
Пад "лячэбнай ежай" маюцца на ўвазе стравы, якія змяшчаюць у сабе гаючыя травы: кашы і супы. У Кітаі можна знайсці нават спецыяльныя рэстараны, дзе падаюць такія стравы.
Кітайская лячэбная ежа шырока распаўсюджана ў Кітаі. У апошнія гады яна пачала з'яўляцца ў жыцці ўсё большай колькасці іншаземцаў. - 0 -