Старажытныя скарбы сучаснага Шанхая
  2010-12-21 09:54:48  cri  [  Паслаць сябру ] [  Раздрукаваць ]    [ шрыфт : A A A ]  

У 2010 годзе адным з самых папулярных гарадоў на планеце, безумоўна, стаў Шанхай, дзе праходзіла Сусветная ўніверсальная выстава ЭКСПА. Акрамя ЭКСПА-парку, дзе размяшчаліся нацыянальныя павільёны 189 краін і 57 міжнародных арганізацый, небаскробаў Пудуна і тэлевежы «Жамчужына Усходу», у гэтым мегаполісе ёсць яшчэ вялікая колькасць месцаў, дзе можна цікава і з карысцю правесці час. Шанхайскі музей – адно з іх.

За апошнія пару гадоў колькасць наведвальнікаў музеяў у Кітаі павялічылася больш чым у два разы. Адно з тлумачэнняў такой цікавасці ў тым, што ўваход у музеі стаў бясплатным. Новая праграма кітайскага ўрада, уведзеная ў сакавіку 2008 года, закранула дзяржаўныя музеі, якімі кіруе Міністэрства культуры і Дзяржаўная адміністрацыя культурнай спадчыны. Спіс бясплатных музеяў паступова пашыраецца і, магчыма, хутка ахопіць усю краіну. Аднак "бясплатна" не азначае "без білета". Каб пазбегнуць велізарнага натоўпу, кітайцы прыдумалі арыгінальны ход: экскурсію ў музей трэба браніраваць, як, браніруюць, напрыклад, столік у рэстаране або нумар у атэлі. Замовіць бясплатны білет можна праз Інтэрнэт ці па тэлефоне. Калі ж вы прыехалі ў Пекін, Шанхай або любы іншы горад Кітая ўсяго на некалькі дзён, дастаткова паказаць зваротны білет на цягнік ці самалёт, і вас прапусцяць у музей. Новаўвядзенне з захапленнем прынялі як самі кітайцы, так і іншаземцы, якія прыязджаюць у Кітай на вучобу, працу ці як турысты.

Шанхайскі музей – адзін з самых вялікіх і багатых музеяў Кітая. Тут сабраны ўнікальныя калекцыі прадметаў даўніны і сучаснага мастацтва. Шанхайскі музей уваходзіць у чацвёрку найбуйнейшых музеяў Кітая нароўні з Пекінскім музеем «Шоўду», музеем Ухані і Нанкінскім музеем. Узвядзенне новага будынка музея пачалося ў 1993 годзе, і праз тры гады, 12 кастрычніка, ён гасцінна расчыніў свае дзверы перад наведвальнікамі. Новы музей плошчай 39200 кв. метраў вызначаецца арыгінальным дызайнам: сам будынак – квадратны, а дах – круглы. Такое архітэктурнае вырашэнне адлюстроўвае ўяўленні старажытных кітайцаў пра светабудову. Згодна са старажытнакітайскай філасофіяй, Зямля – квадратная, а Неба – круглае.

У Шанхайскім музеі сабрана каля 120 тыс. экспанатаў. Найбольш каштоўныя – калекцыі вырабаў з бронзы і нефрыту, а таксама кераміка, каліграфія, мэбля, старадаўнія манеты, пячаткі, карціны. Пастаянна дзейнічаюць 11 галерэй і 3 спецыяльныя выставачныя залы. Апрача гэтага, рэгулярна ладзяцца перасоўныя выставы з музеяў Кітая і іншых краін. У чэрвені 2007 года Шанхайскі музей прымаў шэдэўры Эрмітажа.

У зале вырабаў з бронзы можна ўбачыць кубкі для віна, зброю і старажытныя музычныя інструменты. Варта адзначыць, што бронза займала асаблівае месца ў культуры старажытнага Кітая. Развіццё і росквіт вытворчасці прыпадае на II - I тысячагоддзя да н.э. (дынастыі Шан і Чжоу). Ужо ў 8 - 6-м стагоддзях да н.э. з бронзы выраблялі рытуальныя ахвяравальныя пасудзіны. Асаблівасцю старажытнай кітайскай бронзы з'яўляецца высакародная паціна на паверхні, якая ўтварылася ў выніку доўгага захоўвання ў зямлі, ад цёмна-карычневых да бірузова-зялёных адценняў. Жамчужына калекцыі – бронзавае люстэрка эпохі Заходняя Хань (206 г. да н.э. - 8 г. н.э.). Кітайскія бронзавыя люстэркі яшчэ называюць «празрыстымі» або «чароўнымі» за іх неверагодную здольнасць, адлюстроўваючы сонечнае святло, адбіваць на паверхні арнамент, намаляваны на адваротным баку люстэрка. У нашы дні ў Кітаі аднавілі вытворчасць падобных люстэркаў, аднак таямніца іх «празрыстасці» так і застаецца неразгаданай, а тэхналогія вытворчасці захоўваецца ў тайне.

У зале нефрыту – велізарная колькасць пячатак. Пад кожнай знаходзіцца люстэрка, у якім можна ўбачыць іерогліфы і арнаменты. У старажытнасці кітайцы лічылі нефрыт святым, таму абмяжоўваліся мінімальнай апрацоўкай камня. Вельмі цікава паглядзець, як развівалася і ўдасканальвалася мастацтва разьбы нефрытавых пячатак на ўзорах, прадстаўленых у музеі. Матэрыялам для іх служаць рог, слановая косць, бамбук, дрэва і камень.

Адразу ў некалькіх залах прадстаўлены манеты, якія выкарыстоўвалі ў старажытным Кітаі, папяровыя грошы розных часоў і краін. Там нават можна паглядзець навукова-папулярны фільм пра выраб манет у старажытныя часы.

Калекцыя керамікі і фарфору Шанхайскага музея – адна з самых вялікіх у Кітаі. Тут можна ўбачыць шэдэўры знакамітых майстроў Цзіндэчжэня, паліваны посуд, імператарскія чашы для мыцця. Пра кожны з гэтых унікальных экспанатаў можна распавядаць вельмі шмат, з некаторымі нават звязаны гісторыі і легенды.

Разная мэбля – сапраўдная раскоша! Калекцыя старажытнай кітайскай мэблі Шанхайскага музея прызнана адной з лепшых у свеце. Мэблю ў часы праўлення дынастый Мін і Цін выраблялі з цвёрдых парод дрэва. Асабліва шанаваўся ў старажытным Кітаі чырвоны сандал. Менавіта з яго рабілі сталы для заняткаў жывапісам і каліграфіяй, крэслы і іншую мэблю для імператарскага двара.

У асобным зале прадстаўлена культура народнасцяў Кітая. Нацыянальная адзенне, музычныя інструменты, прадметы побыту, вырабы народных промыслаў. Унікальныя экспанаты гэтай залы даюць магчымасць дакрануцца да гісторыі і культуры народаў, якія насяляюць Кітай.

Зараз Шанхайскі музей штодзень прымае каля 7-8 тысяч наведвальнікаў. У асноўным гэта школьнікі і студэнты, вельмі шмат людзей сталага ўзросту, замежных турыстаў. На ўсіх 4 паверхах музея працуюць крамы, у якіх можна набыць сувеніры: знакамітыя музейныя экспанаты ў мініяцюры, паштоўкі, буклеты.

Віртуальнае падарожжа па Шанхайскім музеі можна здзейсніць на сайце www.shanghaimuseum.net-0-

Спасылкі па тэме
каменціраваць
   Выбраць перадачы:
фотаздымкі
Самае чытанае
StopPlay
© China Radio International.CRI. All Rights Reserved.
16A Shijingshan Road, Beijing, China. 100040