Чайныя у горадзе Чэнду
  2011-03-30 15:31:27  cri  [  Паслаць сябру ] [  Раздрукаваць ]    [ шрыфт : A A A ]  

Паўднёвы горад Чэнду здабыў сабе славу самага прыемнага для жыцця месца Кітая. Жыццё ў гэтым маляўнічым горадзе спакойнае і камфортнае. У вольны час людзі гуляюць у касцяныя карты ці сядзяць у шматлікіх чайных і мірна папіваюць гарбату. І гэты спакой выклікае зайздрасць.

Жыхары Чэнду - гарачыя прыхільнікі чайных. І на шумных гандлёвых вуліцах, і ў ціхіх вулачках, і ў парках, і ў ВНУ гэтага горада паўсюль ёсць чайныя. Іх асабліва шмат у старых завулках. Яны трапляюцца амаль на кожным кроку. І цяжка паверыць, што ў гэтых чайных заўсёды поўна наведвальнікаў.

Атмасфера ў чайных Чэнду адрозніваецца ад чайных ў іншых месцах Кітая. У чайных на поўначы краіны высокія і прамавугольныя сталы, доўгія табурэткі. Чай разліваецца з вялікага чайніка. Наведвальнікі звычайна паважна сядзяць і павольна папіваюць гарбату. Атмасфера трохі манатонная і стамляючая.

У чайных Чэнду атмасфера нашмат лепшая. Тут сталы і крэслы пераважна выраблены з бамбуку, некаторыя ўжо блішчаць ад доўгага карыстання. У такіх крэслах вельмі зручна сядзець, бо пры вырабе іх ўлічылі фізічную будову чалавека – вы не адчуеце стомленасці. І яны не падобныя на мяккія канапы, седзячы у якіх, чалавек можа лёгка заснуць. Жыхары Чэнду - сентыментальны народ: калі яны палюбілі адну чайную, то ўжо пастаянна наведваюць менавіта яе. Прыезджым, якія жадаюць пабываць у адной са старадаўніх чайных, прапануецца наведаць чайную ля Паўднёвага моста дамбы Дуцзяньянь. У гэтых чайных заўсёды шматлюдна. Там камфортна, смачныя закускі, а з вокнаў відаць прыгожую раку і высокія дрэвы.

Самая цікавая з'ява ў чайных Чэнду - так званыя «чайныя дактары». На самой справе гэта звычайныя афіцыянты. Паколькі тут заўсёды поўна народу, яны бачаць шмат людзей, прадстаўнікоў усіх слаёў грамадства. Бачаць шмат і чуюць шмат, а гэта пашырае кругагляд, папаўняе веды. Таму і нарадзілася гэта цікавая назва «чайныя дактары». Акрамя гэтых здольнасцяў, афіцыянты павінны яшчэ валодаць асаблівай тэхнікай разлівання гарбаты, што сапраўды зусім не проста. Уявіце вялікі медны чайнік, у якога носік дасягае метра ў даўжыню! Па-майстэрску і прыгожа разліваць гарачую ваду з такога грувасткага чайніка не кожнаму ўдасца. Па традыцыі спачатку трэба накіраваць носік чайніка ў піялу, затым імгненна падняць яго ўверх, каб струмень гарачай вады прыгожа напаўняў кубак. Затым мізінцам спрытна накрываюць кубак чайным вечкам. І ні кропелькі вады не праліваецца на стол! Гэтыя рухі «чайныя дактары» робяць умела і элегантна.

Калі казаць пра змены ў чайных, то гэта сервіроўка. Многія бізнесмены заходзяць у чайныя для дзелавых перамоў, і яны даволі часта заказваюць больш дарагі чай, таму гаспадары вырашылі замяніць ранейшыя піялы на крыштальныя шклянкі. Чай ў такіх празрыстых шклянках вельмі прыгожа выглядае. Калі наліваеш туды гарачую ваду, чайнае лісце, нібы маленькія рыбкі, павольна ўзнімаецца на паверхню вады, а потым ізноў павольна апускаецца на дно шклянкі. Назіранне за заварваннем такога чаю дастаўляе нямала задавальнення. Сярод наведвальнікаў вельмі папулярны гатунак чая «Бітаньбяасюе», што перакладаецца як «сняжынкі над зялёнай сажалкай». Калі заварваюць гэты чай, то над маладым чайным лісцем плаваюць далікатныя кветкі язміну, якія надаюць чароўны водар. Кожнаму захочацца пакаштаваць такі духмяны напой! - 0 -

Спасылкі па тэме
каменціраваць
   Выбраць перадачы:
фотаздымкі
Самае чытанае
StopPlay
© China Radio International.CRI. All Rights Reserved.
16A Shijingshan Road, Beijing, China. 100040