Выдатны майстар – Ці Байшы
  2011-05-12 17:01:27  cri  [  Паслаць сябру ] [  Раздрукаваць ]    [ шрыфт : A A A ]  

Ці Байшы нарадзіўся, паводле адных звестак, у 1864 годзе, паводле іншых -- у 1861, у маленькай кітайскай вёсачцы на поўдні Кітая, у правінцыі Хунань. Яго сям'я была вельмі беднай. Хлопчык быў настолькі кволым, што не мог выконваць цяжкую фізічную працу ў полі. Таму ва ўзросце васьмі гадоў сям'я накіравала яго вучыцца сталярнай справе, якая яму ўдавалася вельмі добра. Ён выразаў з кавалкаў дрэва дзіўныя фігуркі жывёл, вырабляў тытунніцы на продаж, ствараў ксілаграфічныя лубочныя карцінкі на традыцыйныя кітайскія сюжэты пра багоў і герояў.

Ці Байшы вельмі рана стаў маляваць. Калі ён зарабіў трохі грошай, накіраваўся у вандроўку па краіне. Можна сказаць, што ён аб'ездзіў увесь Кітай, а ў 1919 годзе застаўся ў Пекіне. Большую частку свайго жыцця Ці Байшы правёў сярод простага народа, таму на яго карцінах часцей за ўсё сустракаюцца рэчы і прадметы, якія можна ўбачыць штодня. Капуста і радыс, што растуць на зямлі, птушкі і насякомыя, што лётаюць у паветры, разнастайныя віды раслін, траў і кветак. Пісаў Ці Байшы і іншыя карціны: напрыклад, партрэты сучаснікаў і вядомых гістарычных дзеячоў, звяртаўся да карыкатуры. Усё ж сусветную славу Ці Байшы прынеслі менавіта яго карціны, выкананыя ў жанры кітайскай традыцыі, так званага выканальніцкага ўвасаблення манеры старых майстроў. Узорамі для яго былі, у першую чаргу, кампазіцыі такіх карыфееў нацыянальнага мастацтва шаснаццатага-сямнаццатага стагоддзяў, як Сюй Вэй і Чжу Да. Калі Ці Байшы пісаў тушшу, ён выкарыстоўваў фарбы яркіх і чыстых адценняў. Па сваёй манеры працы Ці Байшы належыць да стылю «сеі». У яго работах ёсць вольны палёт пэндзля, густыя мазкі тушшу, лаканічная кампазіцыя і адсутнасць наўмыснай пампезнасці.

Самая, бадай, вядомая карціна Ці Байшы «Крэветкі», выкананая ў чорна-белых тонах. Маленькія стварэнні напісаны так, што адчуваецца напаўпразрыстаць іх целаў. Жыць яны могуць нядоўга, аднак атрымліваюць асалоду ад гэтага імгнення. Вось, што хацеў сказаць сваёй работай мастак. Мажа быць, сімпатыя да маленькіх стварэнняў кіравала Ці Байшы, калі ён маляваў куранят, апалонікаў, стракоз.

Сярод тыповых работ Ці Байшы мы можам назваць таксама «Дванаццаць крабаў». «Арол на сасне», «Крэветкі сярод водарасцяў», «Лотас і жаба». Дарэчы, аматары кітайскага жывапісу могуць убачыць гэтыя работы Ці Байшы ў маскоўскім Музеі мастацтваў народаў Усходу. Многія яго творы захоўваюцца таксама ў адным з самых лепшых музеяў свету – пецярбургскім Эрмітажы.

Ва ўзросце шасцідзесяці шасці гадоў Ці Байшы быў запрошаны на прафесарскую пасаду на кафедры жывапісу ў Пекінскім універсітэце мастацтваў, хаця ў яго не было базавай адукацыі.

Народная ўлада высока ацаніла творчасць мастака. У 1953 годзе, ва ўзросце 93 гадоў ён атрымаў званне «Вялікага мастака кітайскага народа», якое яму надало міністэрства культуры Кітая. Нягледзячы на свой узрост, Ці Байшы прымаў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці краіны. У 1953 годзе ён стаў старшынёй Усекітайскага саюза работнікаў мастацтваў, а ў 1954 годзе – дэпутатам першага з'езда УСНП (Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў). У 1956 годзе быў узнагароджаны Міжнароднай прэміяй міру.

Ці Байшы памёр у даволі пажылым узросце, у 1957 годзе. Акрамя каліграфічных разважанняў пра мастацтва на сваіх світках пакінуў і аўтабіяграфію, вядомую паводле літаратурнай апрацоўкі яго вучня Чжан Цзысі. У Пекіне знаходзіцца дом-музей мастака.

Сусветная слава прыйшла да творцы ўжо пасля шасцідзесяці. Яго лепшыя работы выкананы, калі майстру было за семдзесят. Ці Байшы цяпер прызнаны як адзін з самых выдатных мастакоў дваццатага стагоддзя.

Спасылкі па тэме
каменціраваць
   Выбраць перадачы:
фотаздымкі
Самае чытанае
StopPlay
© China Radio International.CRI. All Rights Reserved.
16A Shijingshan Road, Beijing, China. 100040