Палац Дамін: знакаміты помнік гісторыі дынастыі Тан
  2015-05-21 15:23:39  cri  [  Паслаць сябру ] [  Раздрукаваць ]    [ шрыфт : A A A ]  

Раман Мышкоўскі, карэспандэнт Беларускай рэдакцыі МРК

Палац Дамін (大明宮, палац Вялікай яснасці) – імператарскі палацавы комплекс у былой кітайскай сталіцы горадзе Чан'ань, які служыў дзяржаўнай рэзідэнцыяй імператараў дынастыі Тан на працягу 220 гадоў. Сёння ён пазначаны як аб'ект нацыянальнай спадчыны Кітая. Палацавы комплекс знаходзіцца на паўночным усходзе сучаснага горада Сіань у правінцыі Шэньсі. Спачатку ён насіў назву Юн'ань. Затым, мяняючы гаспадара, мянялася і назва рэзідэнцыі: Дамін, Пэнлай, Ханьюань, Юань... Нарэшце, у 701 годзе комплекс канчаткова атрымаў назву Палац Дамін.

Танскі імператар Тайцзун, першы гаспадар палаца Дамін. (Насценнае пано ў будынку-музеі "Брама Даньфэн")

Гісторыя будаўніцтва палаца Дамін

Да з'яўлення палаца Вялікай яснасці былой каралеўская рэзідэнцыяй быў палац Тайцзі, пабудаваны ў папярэдняй дынастыі Суй. Ён лічыўся даволі негасцінным месцам, бо быў пабудаваны на нізінных землях сталіцы, якія пакутвалі ад вільготнасці і невыноснай спёкі летам. У 634 годзе імператар Тайцзун вырашыў узвесці новы палац на плато Луншоу найперш для свайго старога бацькі, "адстаўнога" імператара Гаацзу як акт сыноўняй пачцівасці. Але стары захварэў і праз год памёр, так і не стаўшы сведкам завяршэння будаўніцтва палаца Дамін. Новая рэзідэнцыя была завершана ў 663 годзе падчас валадарання імператара Гаачжуна. 5 чэрвеня 663 года імператарская сям'я дынастыі Тан пераехала з палаца Тайцзі ў новую рэзідэнцыю, якая з таго моманту стала палітычным цэнтрам імперыі.

Структура палаца і сучасны макет

 Брама Даньфэн мела пяць дзвярных праёмаў, праз цэнтральныя "дзверы" праязджала імператарская калясніца

 

Так выглядае імператарскі шлях пасля раскопак і кансервацыі

 

Па цэнтральнай восі ўсёй рэзідэнцыі, з поўдня на поўнач, знаходіліся павільёны Ханьюань, Сюаньчжэн і Жычэнь, вядомыя як "Тры вялікія палацы". Яны былі часткамі адпаведна вонкавага, сярэдняга і ўнутранага двароў. Цэнтральны паўднёвы ўваход у палац – брама Даньфэн, якая складалася з пяці велізарных дзвярных праёмаў.

Адрэстаўраваны падмурак павільёна Ханьюань

 

Раскопкі паказалі, што палацавы комплекс займае плошчу каля 3,7 квадратных кіламетраў, што амаль у 5 разоў больш за імператарскі палац у Пекіне, у 13 разоў больш за Крэмль, 15 разоў больш за Букінгемскі палац і мае такую ж плошчу, як Цэнтральны парк у Нью-Ёрку.

Макет палаца Дамін

 

Палац Дамін праіснаваў усяго 270 гадоў, але яго архітэктура і планіровачныя рашэнні былі рэвалюцыйнымі ў свеце 1300 гадоў таму. Яны моцна паўплывалі на дызайн і планы каралеўскіх садоў, палацаў і гарадоў Кітая, Японіі, Карэі і інш. Сёння палац Вялікай яснасці – каштоўная культурная спадчына не толькі Кітая, але і ўсяго свету.

Для турыстаў тут ладзіцца шмат цікавых забаў

 

Палац не перажыў гістарычных узрушэнняў і знік з твару зямлі. Паступова размылася нават памяць пра яго. На месцы палаца паўстала шумнае сучаснае паселішча. Але ў 50-х гадах мінулага стагоддзя жыхароў знялі з наседжанага месца і перасялілі ў іншае, а гэта расчысцілі і пачалі на ім раскопкі.

Так выглядала паселішча на месцы знішчанага пажарам і зруйнаванага палаца. На фота – закансерваваны фрагмент паселішча, які знаходзіцца ў адной з выставачных залаў на тэрыторыі турыстычнага комплексу.

 

Старажытныя керамічныя вырабы эпохі дынастыі Тан, знойдзеныя падчас раскопак у 50-я гады мінулага стагоддзя на тэрыторыі комплексу

 

Дзякуючы ўпартай працы ўсіх экспертаў за некалькі дзесяцігоддзяў былі атрыманы выдатныя дасягненні, якія мы сёння можам бачыць на свае вочы. У 1961 годзе Дзяржсавет КНР абвясціў палацавы комплекс Дамін аб'ектам нацыянальнай спадчыны.

Фрагменты старадаўніх будаўнічых і архітэктурных элементаў палаца, якія захоўваюцца ў музейных залах палаца Дамін

 

Палац Вялікай яснасці быў перабудаваны і адкрыты для публікі 1 кастрычніка 2010 года. На большай частцы тэрыторыі былога комплексу раскінуўся парк, які можна наведаць бясплатна, і толькі трэцяя яе частка – музейная, платная: там захоўваюцца культурныя рэліквіі і знаходзяцца выставачныя плошчы. - Р -

(фота – Р.Мышкоўскі)

Спасылкі па тэме
каменціраваць
   Выбраць перадачы:
фотаздымкі
Самае чытанае
StopPlay
© China Radio International.CRI. All Rights Reserved.
16A Shijingshan Road, Beijing, China. 100040