Сямэнь V часцінка трапічнага раю на беразе Тайваньскага праліва
  2015-05-27 11:21:04  cri  [  Паслаць сябру ] [  Раздрукаваць ]    [ шрыфт : A A A ]  

Падарожнічаць па Кітаю - гэта выпрабаванне, радасць, адкрыцця і абавязкова прыгоды ў тым ці іншым выглядзе. Нават калі ты адпраўляешся разам з калегамі па вядомым маршруце - заўсёды можа адбыцца нешта нечаканае. Вось і мы з самага пачатку нашага падарожжа пачалі трохі хвалявацца. Нам трэба было ляцець на заходні бераг Тайваньскага праліва ў паўднёвую частку правінцыі Фуцзянь - горад Сямэнь. Рэйс затрымаўся на дзве гадзіны, і за гэты час мы, седзячы ў самалёце, змаглі паснедаць, паперажываць, абмеркаваць будучую дарогу і маючыя адбыцца інтэрв'ю, абмяняцца жартамі і зноў пафантазіраваць, якім надвор'ем нас сустрэне горад. Але вось самалёт узмахнуў сваімі крыламі і праз тры гадзіны, падумаць толькі, усё яшчэ ў межах велізарнага Кітая, мы сталі прызямляцца ў аблоках да прыгожага Сямэня. Тут я трошкі пахвалявалася яшчэ раз, таму што седзячы амаль на крыле самалёта, што плаўна спускаўся практычна ў ваду Тайваньскага праліва, мне на імгненне здалося, што мы цяпер у гэтай вадзе і апынемся. Але ўвесь сакрэт у тым, што аэрапорт Сямэня - асаблівы. Горад, які знаходзіцца на некалькіх выспах, мае і аэрапорт, акружаны вадой.

 

Сямэнь зачароўвае адразу - гэта зялёны горад-сад, напоўнены водарам салёнага мора і кветак, у прыватнасці T бугенвіліі выдатнай (Bougainvillea spectabilis Willd). Яго порт - адзін з дзесяці асноўных марскіх партоў Кітая. У горадзе пражывае каля паўтары мільёна жыхароў на плошчы ў 1565 кв.км. У Сямэні ёсць некалькі дзясяткаў цікавых славутасцяў. Мабыць, галоўнай з іх з'яўляецца востраў Гулан'юй, куды мы неадкладна і адправіліся.

Нездарма многія турысты накіроўваюцца менавіта на гэты кавалачак трапічнага рая ў тайванскім праліве. Востраў, да якога за дзесяць хвілін з горада ідзе паром, нагадвае сад, поўны адкрыццяў і нечаканых сюрпрызаў. Гісторыя гэтага месца даўняя і цікавая. У 1842 годзе згодна з Нанкінскай дамовай, Сямэнь стаў адкрытым портам для замежнай гандлю. Востраў, як частка горада, стаў месцам пражывання іншаземцаў. Тут знаходзіліся консульствы падданых розных дзяржаў, у большасці - брытанцаў. Адміністрацыйныя будынкі, цэрквы і сядзібы, пабудаваныя ў стылі, адпаведным нацыянальным асаблівасцям Іспаніі, Германіі, Партугаліі, Японіі, Францыі і іншых раптам выплываюць сваімі характэрнымі абрысамі сярод пальмаў і пакручастых ліян _ Жуншу баньяна на маленькіх каланіяльных вулачках. На востраве пахне кветкамі, і ўсюды можна ўбачыць дзяўчат у вянках са штучных кветак, якія нагадваюць сімвал вострава Гулан'юй.

Увогуле, тут -- вечная вясна і прыгажосць, ды яшчэ і музыка. Бо назва гэтага месца перакладаецца як востраў грукатлівых хваль. Вакол вострава ёсць камяні, аб якія разбіваюцца хвалі і ствараюць характэрны шум. На тэрыторыі выспы забаронена ездзіць машынам, таму прыродную цішыню парушаюць толькі спевы птушак і галасы людзей. А яшчэ гукі музыкі.

Тут знаходзіцца дзіўны па колькасці і якасці сабраных асобнікаў музей фартэпіяна. Ён быў адкрыты 22 снежня 2001 года. Тут выстаўлена 70 эксклюзіўных інструментаў з ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Аўстрыі і Аўстраліі. Некаторым экспанатам ужо больш за 100 гадоў. Калекцыя была сабрана выхадцам вострава Ху Ёуі. Зараз ён пражывае ў Аўстраліі.

Мяне ўразіла, з якой глыбінёй і ўвагай збіраў гэты аматар музыкі сваю калекцыю. Інструменты захаваліся вельмі добра. Назвы некаторых брэндаў выдатна вядомыя музыкантам усяго свету. Напрыклад, Стэйнбек - амерыканскія раялі, якія робяцца ўручную адной сям'ёй ўжо на працягу многіх гадоў і маюць асаблівыя сакрэты вырабу. Але ёсць у калекцыі і інструменты, маркі якіх ужо даўно не існуюць. Фартэпіяна і клавесіны, арганы, інкруставаныя птушкамі, зробленыя з дарагіх і спецыяльных «музычных» гатункаў дрэў дзівяць адным толькі сваім выглядам і адчуваннем гісторыі, да якой амаль можна дакрануцца ці пачуць у гуках пануючай тут музыкі. Невыпадкова менавіта на тэрыторыі вострава Гулан'юй праводзіцца адзін са знакамітых фартэпіянных конкурсаў. Тут знаходзіцца і музычная школа. Таму востраў па праве можа насіць і іншую сваю назву - востраў фартэпіяна. На амаль 20000 яго жыхароў прыходзіцца 620 інструментаў.

На востраве Гулан'юй можна востра адчуць дзіўны настрой нетаропкасці і гармоніі, адпаведны трапічнаму раю. Музей знаходзіцца ў выдатным садзе, поўным кветак і птушак, якія выпяваюць свае прыгожыя трэлі на розны лад. На востраве - мноства гатэляў, якія знаходзяцца ў былых сядзібах і вілах, што захаваліся або былі перабудаваны з цягам часу, таму атмасфера каланіяльнай рамантыкі тут відавочна прысутнічае. Нездарма, многія маладыя імкнуцца правесці тут мядовы месяц, а перад вяселлем з вялікім жаданнем фатаграфуюцца ў жывапісных кутках вострава.

Пад вечар, пакідаючы гэты кавалачак трапічнага рая, я нават не заўважыла тых 10 хвілін, якія правяла на вялікім пароме, вяртаючыся ў горад. Погляд мой не адрываўся ад гэтых чырвоных чарапічных дахаў, зялёных пальмаў і рознакаляровых плям кветак, якія расставалі ў хвалях. Пік гары Сонечнай, паркі і пляжы і гукі фартэпіяна раствараліся ў моры. А рука так і пацягнулася за кітайскай манетай, каб кінуўшы яе ў мора, згодна прыкмеце, вярнуцца сюды абавязкова.

Вольга Гальпяровіч,

Беларуская служба МРК

Спасылкі па тэме
каменціраваць
   Выбраць перадачы:
фотаздымкі
Самае чытанае
StopPlay
© China Radio International.CRI. All Rights Reserved.
16A Shijingshan Road, Beijing, China. 100040