Храм Таньчжэ - прыгажосць заходняга Пекіна

2020-12-11 18:02:28
Comment
Share
Share this with Close
Messenger Messenger Pinterest LinkedIn

Восень у Пекіне – пара надзвычай прыгожая і рамантычная. З верасня па пачатак лістапада надвор’е стаіць сонечнае, лета з гарачынёй паступова адступае, даючы прыродзе ды і людзям адпачнуць ад спякоты. Паветра становіцца больш сухое і надвор’е зменлівае і ветранае. Але колеры восені і ў Пекіне прывабліваюць, выклікаюць замілаванне прыродай і яе вечным шляхам змен.

Ліст Цзы Лю кітайскага паэта 11 стагоддзя Су Шы ў перакладзе беларускага паэта Алеся Емельянава-Шыловіча нібы адгукаецца менавіта на маё адчуванне восені і спрадвечнай змены часоў.

Я люблю, калі выдаецца магчымасць зазірнуць куды-небудзь у ваколіцы Пекіна, каб атрымаць асалоду ад хараства прыроды і спрычыніцца да гісторыі. На гэты раз я накіравалася на Захад сталіцы, дзе ў 45 кіламетрах знаходзіцца вядомы, самы вялікі і старадаўні храм Таньчжэ. Таньчжэсы – так называецца гэта месца па-кітайску. Яго гісторыя пачалася больш за 1700 гадоў таму, у эпоху праўлення дынастыі Цзінь. Многія мясцовыя жыхары лічаць, што храм Таньчжэ быў пабудаваны яшчэ да таго, як быў заснаваны горад Пекін. Ззаду храма знаходзіцца глыбокая сажалка, што называецца сажалкай Цмока, а перад храмам растуць дрэвы чжэ - кудранія. Ад гэтага і пайшла назва храма: «тань» па-кітайску азначае глыбокая сажалка, а чжэ, як мы з вамі толькі што высветлілі, гэта назва віду дрэў.

Храм знаходзіцца ля падножжа ўзгорка. Яго тэрыторыя дзеліцца на тры часткі. У цэнтральнай частцы размяшчаюцца цудоўныя будынкі, такія як арачныя праходы, брамы, алтары і будысцкія залы. На тэрыторыі храма расце пурпурны юйлань - магнолія, якая лічыцца самай вялікай на поўначы Кітая, дрэву ўжо больш за 200 гадоў. Калі цудоўны юйлань пачынае квітнець ранняй вясной, сюды прыходзіць шмат людзей, што жадаюць палюбавацца прыгожымі і духмянымі кветкамі. Два дрэвы гінкга, якія знаходзяцца сярод кустоў, былі названыя імператарам Цянлунам «Дрэвам манарха» і «Дрэвам прынцэсы». Ва ўсходняй частцы храма знаходзяцца дзясяткі ўнутраных двароў. Там жа размяшчаецца пакой настаяцеля манастыра і пакоі, у якіх у старажытныя часы спыняўся імператар. Гэтыя памяшканні былі адрэстаўраваны і зараз знаходзяцца пад аховай.

Related stories

ПАДЗЯЛІЦЦА

ПАПУЛЯРНЫЯ